Час нельга пакаштаваць альбо памацаць, да яго можна толькі датыкнуцца. Час немагчыма ўбачыць, але ж можна яго адчуць. Мы навучыліся вымяраць час, сачыць за часам, а некаторыя занадта адораныя нават маюць здольнасць яго падпарадкоўваць. Аднак магчымасць спыняць час, паварочваць яго альбо зазіраць у будучыню – так і застаецца няздзейснай марай чалавецтва. Разумнейшыя галовы ўсіх часоў і народаў вынаходзілі і працягваюць вынаходзіць разнастайныя мудрагелістыя тэорыі і яшчэ больш мудрагелістыя машыны ў спадзяванні вырашыць гэтае пытанне. Але хвіліны зліваюцца ў гады, гады – у стагоддзі, час паўзе як слімак ці ляціць як хуткі цягнік, ласкава даючы нам магчымасць паразважаць пра хітраспляценні сувязяў, паняткаў і лёсаў у бясконцай тканіне Часу.
Узяўшы ў рукі зжаўцелы ад часу дакумент, які больш ста гадоў праляжаў на цёмнай паліцы шафы і, яшчэ не разбіраючы радкоў, напісаных гусіным пяром, я разумею, што трымаю ў руце не проста састарэлы аркуш паперы, але кавалачак Часу. Час утойваецца ў кожнай літары, ён схаваны ў кожнай кропцы, у кожным радку. Углядаюся ў зухаўскія завіткі почырку і пачынаю адчуваць ледзь улоўны пах той эпохі, калі для майго пра…прадзеда гэты дакумент з’яўляўся проста… пасведчаннем асобы. Ня робячы замаху на вынаходства, я ўсведамляю, што знайшоў няхай зусім ненавуковы, але ж пэўны шлях трапіць ў тыя далёкія гады, дакрануцца да даўняй гісторыі маіх продкаў, да іх Часу.
Магчыма таямніца гэтага містычнага ўплыву, які мае на мяне старая папера, тлумачыцца родаснымі сувязямі, тым, што продак мой меў тое ж самае прозвішча, і ў жылах маіх цячэ яго кроў. Магчыма. Але ж няхай і ў значна меньшай ступені, аднак зусім выразна адчуваецца подых часу пры чытанні старадаўніх выданняў, архіўных дакументаў і летапісаў. Такім чынам, хітрык тут не ў тым наколькі непасрэднае ці ўскоснае дачыненне мае дакумент асабіста да мяне, а ў тым, што на яго зжаўцелых старонках жыве Час.
Старыя фатаздымкі і партрэты – вось дзе мацней за ўсё адчуваецца подых часу. Гледзячы на фатаграфіі стагадовай даўнасці, ты як бы перасоўваешся у абшары і трапляеш ў той дзень і тую гадзіну, у тое імгненне калі твае продкі застыглі перад аб’ектывам фатаграфічнага апарата. Дэталі адзення, погляд, паварот галавы ці проста нейкая дробязь на заднім фоне здольныя распавесці пра той час не меней, чым шматтамовы архіў дакументаў.
Каго ці чаго перш наперш мы шукаем на кожным фота? Уласны твар! Гэта адбываецца падсвядома але нязменна. Мы спрабуем знайсці сябе на кожным групавым здымку, нават дакладна ведаючы, што гэтай выяве больш за сто гадоў і нас там ніяк быць не можа. Потым мы шукаем твары родных, блізкіх і знаёмых… Але дзеля таго каб на старым фота ўбачыць не людзей і не рэчы, а Час – трэба проста абстрагавацца ад сябе любага і тады цалкам магчыма адчуць і настрой, і колер, і нават гук і пах адбітага на паперы моманту.
Гэтаму фатаздымку сто адзін год (зроблены 20.04.1915). На фота – рускія і французскія ваеннапалонныя ў лагеры Пуххайм пад Мюнхенам (Puchheim bei Munchen). Недзе сярод іх мой дзед Іван Касяк.