Пачатак маім генеалагічным пошукам продкаў паклаў дакумент, знойдзены ў сямейным архіве – метрычны выпіс пра народзіны і хрышчэнне Стэфана Грыгор’ева Касяка за 1850 год. Гэта самы стары дакумент, які пакуль атрымалася знайсці, таму менавіта з яго і пачаліся пошукі.
Дакумент складаецца з дзвюх частак напісаных у розныя гады. Першая частка датавана чэрвенем 1867 года і напісана ў вёсцы Іжа (хутчэй за ўсё гусіным пяром) рукой святара царквы Іосіфа Абручніка айца Адама (прозвішча неразборліва) з дадаткам царкоўнай пячаткі. Гэтя частка і ёсць выпіс з метрычнай прыходскай кнігі за 1850 год пра народзіны майго стрыечнага прадзеда Стэфана Рыгоравіча Касяка. Такім чынам, Стэфану ў 1867 годзе было 17 год і яму спатрэбілася пасведчанне аб нараджэнні, за якім ён і прыйшоў да айца Адама. А вось навошта гэтая папера спатрэбілася Стэфану сялянскаму сыну – пра гэта крыху пазней.
Другая частка метрычнага выпіса зроблена ў г.Вільня ў Літоўскай Духоўнай Кансісторыі 7 студзеня 1893 году, і з’яўляецца па сутнасці пацверджаннем сапраўднасці выпіса за 1867 год. Пісана каліграфічным почыркам, жалезным пяром. Падпісаў гэту частку дакумента чалец Кансісторыі протаіерэй Ян Катовіч.
Навошта Стэфану Касяку спатрэбілася на сорак трэцім годзе жыцця зноў засвядчаць (ў самай Вільні), што метрыка выдадзеная ў роднай Іжы сапраўдная? Усе проста – прадзед змяніў і месца жыхарства і, род заняткаў. Рыгор Касяк жадаў для свайго сына лепшай дзелі і не пашкадаваў ні сіл, ні сродкаў для таго, каб яго сын Стэфан атрымаў адукацыю і не араў фамільныя “вушакі” зямлі ў родных Засценках іжанскіх. Так у 1867 годзе метрыка Стэфану спатрэбілася відаць што для паступлення ў вучэльню, а ў 1893 пацверджанне метрыкі ўжо было трэба для таго, каб заняць пасаду Старэйшага настаўніка Шчучынскай прыходскай вучэльні.
Але, не будзем забягаць наперад і вернемся да моманту народзінаў прапрадзеда Стэфана Касяка. 1850 год, Віленская губерня, Свянцянскі павет, в. Засценкі ў маёнтку Іжа. Прайшло 55 гадоў з 3-га падзелу Рэчы паспалітай. Не ведаю браліся за косы мае продкі падчас паўстання Касцюшкі ці не, але расейскі двухгаловы арол раскінуў свае крылы над іжанскай землёй і мае прапрапрадеды пачалі вывучаць рускую мову. Не зусім добра вядома на якой мове размаўлялі мае продкі ў 1795 годзе – па-польску ці па-беларуску, але пасля забароны выкладання ў школах на польскай мове (у 1836 годзе), зачыненні Віленскага ўніверсітэта, ліквідацыі Берасцейскай уніі (у 1839 годзе) і скасаванні дзеяння Статута ВКЛ (у 1840 годзе) русіфікаванне “Паўночна-заходняга краю” пайшло поўным ходам. Аднакбез сумневу, што і да 3-га падзелу, і пасля яго роднай мовай маіх продкаў заставалася беларуская. У Іжы праваслаўная царква Іосіфа Абручніка, у якой хрысцілі Стэфана Касяка, стала праваслаўнай толькі ў 1839 годзе пасля забароны ўніі і далучэнні прыходу да Маскоўскага патрыярхату. А пад час вуніі, літургія і адправы ў цэркве здзяйсняліся на царкоўна-славянскай мове, святарства навучала на народнай беларускай мове, а катэхізіс быў аддрукаваны на “паспалітай” мове (у адпаведнасці з пастановамі Замойскага сабору). Царкоўнае справаводства гэтак жа вялося на польскай – фундушавая запісы, акты візітацыі, апісанні, ведамасці пра народанасельніцтва і інш. (1754-1837 гг.) па Ижанской грэка-уніяцкай царкве Ашмянскага благачынства Завілейскага павета захоўваюцца ў Літоўскім дзяржаўным архіве ў Вільні.
Па Еўропе ўжо блукаў “здань камунізму” а на маёй гістарычнай радзіме набіраў сілу “бульбяны бум”, з усімі вынікаючымі наступствамі ў выглядзе “бульбянкі” – бульбяной гарэлкі. Згодна валочнай памеры “касякі” ў “засценках” так сама як і поцягі апрацоўваліся па трохпольнай сістэме : азімыя-ярына-пара. Не было такога заводу каб сеяць бульбу. Аднак у пяцідзясятых гадах беларускія браварні перайшлі на вытворчасць “гарэлага віна” з бульбы, якой сяляне пачалі актыўна засейваць гоні ды гароды. Попыт на бульбу рос і паваротлівыя вяскоўцы ўгледзелі тут магчымасць паправіць сваё фінансавае становішча. Думаю, што і мой прапрадзед Рыгор зрабіў свой унёсак у “бульбалізацыю” краю, а на заробленыя грошы сын Стэфан змог атрымаць адукацыю.